← Блог

Інтэрв’ю

Трыўмвірат якасці

Дзякуй усім тг-каналам пра культуру і СМІ, асабліва залежным, як мы, што пісалі пра нашы новыя выданні! У падзяку робім за іх кавалак працы і публікуем інтэрв’ю з нашымі аўтарамі.

Гэтай восенню «Лысы Чэрап», «акультнае выдавецтва, адказнае за цуд», выпусціла тры кнігі: «Лірнік» Аляксандра Касцюковіча, «Цесля жыцця» Сяргея Дубаўцэвіча і «Пляц» Змітра Залознага. Іх лучыць у першую чаргу поспех у змаганні за прэмію Гедройця: тэксты, якія дагэтуль не выходзілі ні ў адным выдавецтве, трапілі ў лонг- і шорт-лісты і, хто ведае, маюць усе шанцы на перамогу.

Гутарыў Ціхан Панкоўскі, карэспандэнт выдання «Падвойнага дна няма». Гэта адзіны ў Еўропе часопіс, што выходзіць на лакмусавай паперы.

— Пачнём з простага. Чаму «Лысы Чэрап»?

Залозны: Усё проста — нас больш нідзе не хацелі друкаваць. Янушкевіч адразу паслаў нахуй. Ён друкуе людзей, падобных на Гары Потэра, і тых, чые прозвішчы пачынаюцца на Макар: Макарці, Макартур, Макарэвіч, Макартні. Ён паглядзеў на мяне і кажа: слухай, Залозны, не ведаю, гіпофізны ты ці слінны, быў бы ты Макарны, я б, шчыра, надрукаваў, а так — ну што мне рабіць, чарга піздзец. Мы казалі яму, што нашы тэксты маюць шанцы ўзяць Гедройця, але яму да пізды гэтая смехатворная ўзнагарода, ён дэміург папяровай культуры.

Дубаўцэвіч: Я хацеў змяніць прозвішча на Макарэвіч, але высветлілася, што існуе такі спявак.

Залозны: Ды і што за нахуй? Можа, сам зменіць.

Касцюковіч: Іншыя выдавецтвы яшчэ горшыя. Проста ігнор. SayBeat нам увогуле прыслалі ў адказ скан чыёйсьці валасатай дупы са сплюшчанымі яйкамі.

Дубаўцэвіч: Глыбокае відовішча.

Касцюковіч: А «Лысы»… ведаеце… Калі мы звярнуліся да іх, адразу нейкая цеплыня ахутала.

Залозны: У іх вельмі чысты офіс. Партрэт Акудовіча на сцяне.

Касцюковіч: Самі яны ці то хлопцы, ці то дзеўкі, я так і не зразумеў.

Залозны: Андрагіны.

Дубаўцэвіч: На анёлаў падобныя.

— Яны праўда лысыя?

Дубаўцэвіч: Як паліраваныя.

Залозны: Мне падаецца, гэта нейкая новая ступень эвалюцыі.

Касцюковіч: Ім спадабаліся нашы тэксты. Гэта быў мэтч з першай сустрэчы. Ведаеце, ім няважна, з якога спалучэння літар пачынаюцца нашы прозвішчы. Яны б надрукавалі маю кнігу, нават калі б я быў Хуёвіч.

Дубаўцэвіч: Нават калі Піздзевіч.

Касцюковіч: Менавіта. Для іх мае значэнне сэнс, а не форма літар. І яны яго знайшлі. Здолелі яго прачытаць.

— Чаму ўсе тры кнігі выйшлі адначасова?

Залозны: Адразу скажу, што мне гэта не вельмі падабаецца… Ну, скажам так, я доўга прывыкаў да гэтай думкі. Гэта цалкам выдавецкая ідэя. Я ўсё ж аўтар-індывідуаліст.

Дубаўцэвіч: Мы ўсе такія.

Касцюковіч: Ага.

Залозны: Але выдавецтва штось вырашыла выступіць нейкім адным фронтам.

Касцюковіч: Ведаеце, сабраць нашы тэксты ў кулак.

Залозны: І ўябаць ім па чымсьці дрэнным.

Дубаўцэвіч: Па ўсім самым дрэнным, што вы толькі можаце сабе ўявіць.

Касцюковіч: Можа, па курыцы ў Burger King. Ці па кока-коле без какаіну. Ну, то бок, кола — ясна, а чаму тады кока?

Залозны: У іх вельмі дзіўныя ідэі пра нейкі фронт мастацтваў, які здольны перавярнуць, абудзіць чалавецтва.

Дубаўцэвіч: Ну ведаеш, у чымсьці яны маюць рацыю.

Залозны: Гэта пытанне не да мяне. Я напісаў «Пляц» і кайфую. Да чалавецтва мне справы няма. У пізду.

Дубаўцэвіч: Можа, выдавецтва проста вырашыла, што нашы кнігі гарманічна спалучаюцца ў адзін метатэкст?

Залозны: Ну, тады хоць дзякуй, што не пад адной вокладкай.

— Пра што вашы тэксты? Пачнём з Аляксандра. «Лірнік» — гэта каханне, піца і сусветная змова…

Касцюковіч: Ну так, але не зусім. Перш за ўсё, піца — гэта круг, кола. Сімвал Купалля, сімвал сонца, з якога паўстае ўся беларуская цывілізацыя з культурай, мастацтвам, навукай, вынаходніцтвамі і мыслярствам — такімі, якімі мы іх ведаем. Піца насамрэч — гэта ўвогуле проста вялікая смажанка. Ну і яшчэ важны нюанс: таблеткі таксама круглыя, а вельмі важная лінія рамана — фармацэўтыка. Я шмат гадоў працаваў на «Белмедпрэпаратах». Але гэта ўсё лірыка, ведаеце. Ну і вось, мая кніга — гэта найперш медытацыя на моцныя старажытныя сімвалы, з якіх можна чэрпаць шматлікія сэнсы. Сімвал — гэта нешта невычэрпнае. Менавіта так працуе сапраўдная, інтэлектуальная літаратура.

— Што для вас інтэлектуальная літаратура?

Касцюковіч: Пэўна, тая літаратура, якую нельга зразумець.

— Вы самі разумееце свой твор?

Касцюковіч: Калі б гэта было так, навошта б мне яго пісаць?

— Сяргей, ваш герой — паспяховы пісьменнік, які цяпер развозіць ежу ў Вільні. Гэта аўтабіяграфія?

Дубаўцэвіч: Кур’ерам я не працаваў. Ды і я не паспяховы пісьменнік. Але я шмат разоў заказваў ежу і глядзеў кур’еру ў вочы. Ды і паводле Анціпава, любая літаратура — аўтабіяграфія. Ведаеце, дзённік аўтарскага ананізму. Хроніка. Ну і я — эмігрант, таксама чалавек з вялікай торбай за плячыма, які спяшаецца ў чужы дом. Таму можна сказаць, што кніга ў нечым пра мяне. Але адначасова і не, бо гэта стоадсоткавы фікшн. У канцы вы зразумееце. Гэта такая гульня.

— Якія вашы любімыя аўтары?

Дубаўцэвіч: Дубоўка, Дубавец, Манцэвіч. Я, можна сказаць, і ёсць спалучэнне гэтых трох.

— Чаму такая назва? Што такое «Цесля жыцця»?

Дубаўцэвіч: Усё банальна. Кожны чалавек — анталагічны суб’ект экзістэнцыі, які ператварае сырую, неаформленую матэрыю-ў-прысутнасці эпістэмалагічнага хаосу і выпадковых падзей у трывалую, асэнсаваную структуру быцця.

— Зміцер, «Пляц» называюць…

Залозны: Мне похуй. Нават не хачу нічога чуць. Я пісаў кнігу для сябе, хай называюць хоць шэдэўрам.

— Персанажы твора — Язэп Гніль і Мефедрон Бясецкі. Чытачы «Лысага Чэрапа» ўжо ведаюць гэтыя імёны: Гніль і Бясецкі самі выдаваліся там як аўтары.

Залозны: Ну так, выдаваліся, але гэта супадзенне. Я нічога не выдумляў, проста запісаў усё, як было.

— То бок гэта дакументальная кніга?

Залозны: Так, на пяцьсот адсоткаў.

— Нам вельмі цікава, які Язэп Гніль у жыцці. Можаце распавесці?

Залозны: Гніль.

— Зразумеў. Тады апошняе пытанне. Чаго вы чакаеце ад чытачоў і што будзеце рабіць, калі выйграеце Гедройця?

Залозны: Ну, па-першае, мая кніга ў шорт не прайшла. Засталася ў лонгу. Але мне похуй. Ад чытачоў чакаю вечнай пашаны.

Дубаўцэвіч: Я аддам грошы на развіццё выдавецтва «Лысы Чэрап». Ад чытачоў чакаю хіба таго, што, калі будуць ладзіць оргію, паклічуць калі-нікалі і простага хлопца Сярогу Дубаўцэвіча.

Касцюковіч: Я ад чытачоў і чытачак нічога не чакаю, акрамя чытання, за што ўдзячны кожнаму і кожнай. Прэмію пакіну сабе.

Залозны: Я б яшчэ нагадаў, што акрамя нашых кніг вядзецца перадзамова на вельмі незвычайную кнігу — графічную драму «Выгарэўшы» нашай каляжанкі Наталлі Міхаліны Скарынкі з фантастычна пекнымі малюнкамі выбітнай беларускай мастачкі Алены Гіль. І хоць мне цяжка гэта прызнаваць, але, думаю, Сяргей і Аляксандр са мной пагадзяцца: гэта кніга на галаву вышэйшая за нашы сціплыя спробы пяра. Таму замаўляйце проста зараз — і не толькі таму, што я аддаю такі загад, але і па гэтай прычыне таксама.

Усе тры кнігі можна набыць на сайце выдавецтва: па €7 кожная або €16 за камплект, pay what you want. «Выгарэўшы» таксама €7 — спяшайцеся.

← У краму