Выгарэўшы
Графічная драма з малюнкамі Алены Гіль
Што станецца з канфліктам двух людзей у адным пакоі, калі абраная імі для пошуку кампрамісу мова гучыць як выпадкова сабраныя ўрыўкі старонак з паэтычных зборнікаў?
Ці будуць яны па-ранейшаму спрабаваць зразумець адно аднаго, нават калі хаос ужо стаў сінонімам іх кахання?
Графічная драма «Выгарэўшы» — гэта альтэрнатыўнае прачытанне адносін сучасных прататыпаў Гамлета і Афеліі, накіраванае на даследаванне іх комплексаў і траўмаў.
Маладая пара — сучасныя Гамлет і Афелія — жыве разам у месцы, дзе ўсё прасякнута запалам, каханнем, паэзіяй і самаразвіццём. Але аднойчы нешта здараецца, і спадар Г. больш не напіша ніводнага слова.
У спробе зразумець прычыну спадарыня А., на жаль, абірае не найлепшы спосаб вярнуць творчасць свайму каханаму, які адначасова з'яўляецца яе калегам-паэтам. Іх дыялог раптам ператвараецца ў імправізаваную вершаваную барацьбу, у якой кожны спрабуе даказаць сваю перавагу, але разам з тым — прызнацца ў каханні, якое, нягледзячы на сваю радыкальную форму, застаецца вельмі моцным.
Часткова аўтабіяграфічная графічная драма «Выгарэўшы» была створана ў 2021 годзе на аснове гаптычнага досведу аўтаркі, родам з Беларусі, у іншамоўным чэшскім асяроддзі, і таму з'яўляецца вельмі спецыфічным інтымным даследаваннем псіхалагізму, метафізікі і ў пэўнай ступені літаратурнасці лакальнай мовы чалавечых любоўных адносін.
Тэкст быў натхнёны постмадэрнісцкім творам «Гамлет-машына» Гайнэра Мюлера, чэшскай паэмай «Ноч з Гамлетам» Уладзіміра Галана і асабістым любоўным досведам.
Графічная драма з малюнкамі Алены Гіль · 50 с. · ISBN 978-83-983620-3-0
Цана — ад мінімальнай, у кошыку можна заплаціць больш.